Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Аб крытыцы

Сярэдняя: 4.5 (2 галасоў)

Ёсць у нас крытыкі — сябры,
Да іх заўжды пашана.
Не, не такія, што бяры
Прыкладывай да раны,

А тыя, што пра творчы рост
Гудуць не ў лад хвалебны,
Бывае — зрэжуць і нарост
Якісьці непатрэбны,

Прайдуцца гэблікам, скраблом,
Саб’юць сучкі якія,
Ды і не з тых, што мкнуць цішком
З нажом да самай шыі.

Навошта нам душой крывіць —
І на такіх ёсць мода,
Другой, як толькі ўсё счарніць,
Не знаюць асалоды.

Паэт агледзіцца пакуль —
Ягоны верш прыстукнуць,
Насыпяць погарбак пяску,
Яшчэ й нагой прытупнуць.

Каб зналі, што яны прайшлі,
Паставяць слупік лоўка,
Пакінуць надпіс, як калі —
Ці «сум», ці «лакіроўка».

I хоць нямнога ў нас такіх —
Нікчэмненькая кучка,
I я прайшоўся паміж іх,
Як праз дратоў калючкі.

Пачнуць скуголіць і вучыць,
Насупяцца пахмура.
Нямала, ўперад ідучы,
Паабдзіраў я скуры.

Няхай на целе ёсць сляды,
Іду я за паходняй,
Каб зліцца песняй назаўжды
З ракой душы народнай.

Не збіць нас з ладу махлярам,
Тым, што гандлююць словам,
Мы шчыра дзякуем сябрам
Праўдзівым і суровым.