Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Білетная каса

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Кагосьці хвалююць маршруты і трасы,
Мяне ж — дык найболей білетная каса.

Як толькі два гэтыя словы згадаю,
Жывую чаргу я адразу ўяўляю.

Чарга неспакойная ў думах, у марах,
А колькі ў ёй розных па выгляду твараў!

I хтосьці ўздыхае, а хтосьці смяецца,
I кожны кудысьці настойна імкнецца.

I хтосьці камусьці кідае пагрозы.
А побач дзяўчаты, як тыя стракозы —

Здаецца, што ўспырхнуць да самае столі,
Нібы не хапае ім месца на доле.

Ва ўсіх іх чаканні, спатканні, надзеі...
Гляджу я — чарга ўсё радзее, радзее.

I хутка ў вагонах па ўсіх каляінах
Рассыплецца іскрамі скрозь па краіне.

I кожнай той іскры з жаданымі стрэцца
I ў нечых вачах аганьком разгарэцца.

Свяціць гэтым іскрам між стэпаў, у горах,
I дзесьці па снезе, і дзесьці ля мора.

Я шчасця ім зычу — уранні і ўночы, —
А сам застаюся, хоць трошкі зайдрошчу:

I я б, можа, сёння кудысьці падаўся,
Ды толькі не зладжу з білетнаю касай.

Як толькі наважу прыйсці да аконца,
А стуль як засвеціць, як выгляне сонца

Стаю анямелы, ледзь ногі трымаюць,
I з месца крануцца я сілы не маю.

Не знаю, паехаць ці выберу часу,
Ці здолею кінуць білетную касу!