Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Па дарозе Мінск — Масква

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Не спіцца старому ўначы,
Балюча на сэрцы і горна,
Сцямнела даўно на двары,
Ды сон не схіліў галавы.
Ён выйшаў... Гамоняць бары,
I неба марознае зорна
Над шляхам, што простай струной
Ад Мінска ляжыць да Масквы.

Прынеслі ўспаміны яму
Маўклівыя, снежныя далі:
Калісьці па гэтых мясцінах,
Прарэзаўшы пушчы, лясы,
Машыны ішлі чарадой,
Над голлямі песні ўзляталі
I ніклі далёка між хвой,
Дзе душна цвілі верасы.

Цяпер анямела усё,
Ніхто не спяе, не зайграе,
Здаецца, што дрэвы на шлях
Прыпалі ад чорных нягод,
Дзе часам з нязвыклай брахнёй
Прамчыцца чужацкая зграя
Ды танкі ўначы прагудуць,
Ашчэрыўшы зубы на ўсход.

Яны агалілі нашчэнт
I ў морак ахуталі сёлы,
Над краем прыйшлі панаваць
Расстрэлы, пакуты, турма...
Не змірыцца з гэтым ніяк
Стары палясоўшчык Мікола,
Ён крыўду збірае ў душы, —
Больш месца для крыўды няма!

Няздарма вастрыў ён пілу,
Зубцы правяраючы строга:
Хай помста выходзіць з грудзей,
Што доўга таемна жыла, —
Са стогнам красуня сасна
Упоперак легла дарогі,
I з дубам вячыстым ў цішы
Ізноўку гамоніць піла...

А дзесьці ля роднай Масквы,
Набраўшы гасцінцаў нямала,
Машына ўзнялася ўгару,
Пачаўшы імклівы палёт.
Плыве самалёт над зямлёй,
Прыбітай драпежнай навалай,
I з тысячай мараў і дум
На дол паглядае пілот.

Кірункам на Захад ідзе,
Пад крыллем заранкі Усходу,
А вобразы любых мясцін
Да болю глыбока жывуць.
Скрозь моладасць, сэрца яго
Пралегла яна назаўсёды...
Ён вырас ля гэтай дарогі,
Што з Мінска ідзе на Маскву.

Над зыбкай калыскаю там
Спявалі смалістыя сосны,
Гамонка, якую пазнаў
Ад звонкіх лясных ручаёў:
Там бацькава хата ў гаі,
Дзяцінства прыгожыя вёсны,
Дзяўчына, з якою хадзіў
Паміж цёмнашумных дуброў.

Ён мужна машыну вядзе,
З якой парадніўся на славу,
Хвіліна — і ўбачыць ён кут,
Скуль выйшаў яшчэ юнаком...
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
Світае. Знямела піла,
Змоўк голас у лесе танклявы,
Наладзіў завалу стары
I выцер чало рукавом.

I чутна выразна яму,
Што недзе за хвоямі блізка
Ліхая навала брыдзе
З далёкай, чужой стараны:
Трывожачы ціш гушчароў,
Са скрогатам злосным і піскам
Варожыя танкі паўзуць
З няўтольнаю прагай вайны.

Адбегся, схаваўся ў кустах
I сочыць за ходам паганых:
Вось першы урэзаўся, змоўк...
Другі... а затым — бранявік...
Адаіная з'ява тады
Здзівіла яго нечакана —
То выбухаў жудасны гром
Змяшаў там і бразгат і крык.

Шукае прычыну стары,
Адкуль дапамогу ён стрэціў.
Ён глянуў — плыве самалёт,
Аж неба зайграла ярчэй,
Бо ён над сабой угары
Чырвоную зорку прыкмеціў —
Празрыстая пала сляза
На снег з задуменных вачэй.

Ён доўга ўглядаецца ўслед,
Слязу выцірае на твары
I шле прывітанне туды,
Дзе неба канчаецца край:
— Ты — сын мой любімы, сынок,
Ці сябра яго, ці таварыш, —
Хутчэй жа ізноўку сюды
Праведаць мяне прылятай!