Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Садоўнік

Яшчэ не ацэнена

Многа яблынь у садзе,
Каля плоту прыніклі куcты,
Тонканогія вішні
Абступілі наўкруг,
Грушы ўзнялі галовы,
І па голлі зялёным, густым
Захісталася возера цвету,
Брызгі б’юцца ўгару.

Гэта шум сакавітай зямлі,
Свежай, поўнае сілы.
Пралятае па струнах кары,
Песні сонца бярэ...
І займаецца першая завязь,
Абсыпаючы белыя крыллі...
Ходзіць садам садоўнік
Шчаслівы між дрэў.

А яны у каралях вясны
Нахіляюць прыгожыя шыі
Да садоўніцкіх рук,
Быццам хочуць паведаць пра што,
Як на гэтых руках
Вырасталі яны як жывыя,
Станавіліся моцна на грунт,
Пачыналі гаворку лістоў.

Гэта ён пазнаваў
Шопат стройны і ценькі,
Слухаў звонкі,
Узнесены бураю гімн.
Гэта ён апранаў
Ім з саломы сукенкі,
Каб спакойны быў сон,
Калі дол засыпалі снягі.

Ён ад самага золаку тут,
Працавіты і пільны,
Прыглядаецца ціха вакол
І хваробы здымае заўчасна,
Абтрасае з наквецця чарвей,
Абразае сухія галіны...
Ходзіць садам садоўнік,
Шчаслівы і ясны.

Ён глядзіць, як чаромхі гараць,
Разрастаюцца яблыні, вішні,
Як зусім на вачах
Пачынаюць яны налівацца,
І, здаецца, цяжэюць сукі,
Апушчаюцца ніжай і ніжай...
Ходзіць садам садоўнік,
Шчаслівы за працу.