Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Сымонка

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Ён да працы
Прагнасць мае,
Ён і ў песнях самы звонкі,
Ў каго ні запытаеш,
Хваляць спрытнага Сымонку.

З першых дзён
Вайны-нягоды
Бацькі ў хлопчыка не стала —
Хоць дванаццаць год ад роду,
Гаспадарыць ён удала.

Неяк раз
Прыйшлі з калгаса,
Каб зрабіць падруб хаціне,
Дык, сякеру ўзяўшы, разам
Працаваў між іх хлапчына.

Раз прыйшоў
Дзядок рухавы:
— Дай табе гарод засею. —
Адказаў Сымон ласкава:
— Дзякуй, я і сам умею!

Наш Сымонка
Ветлы з кожным:
Ля старэйшых стане з краю.
Часам вельмі ўжо сур'ёзна
Наш Сымонка разважае.

Падбягуць, бывае,
Дзеці,
Пазавуць на гульні з крыкам.
Ён жа буркне: — Не да гуляў,
У мяне сям'я вяліка!

На лугу
Касцы сышліся
Летняй роснай раніцою,
Бачаць, аж Сымон з'явіўся
Ды з даўжэзнаю касою!

Хлапчука
Там абступілі
Ды сказалі ўважна, шчыра:
— Не, табе тут не па сіле,
Пачакай гадкі з чатыры.

Каб дзіця
Замарнавалі, —
Не такія мы суседзі!
Бацьку ж мы паабяцалі,
Што цябе як след дагледзім.

Мы йшчэ самі
Не паслаблі,
За касой паходзіць кожны.
Вось табе у рукі граблі,
I па сіле гэта можна!

I Сымон
Пайшоў лугамі
Заграбаць у копы сена,
Хоць малы яшчэ гадамі,
А працуе ён адменна.

Як на полі,
Так і ў школе —
Не згультаіць ні гадзіны.
Каб хто лаяў,
Не, ніколі!
Толькі хваляць ўсе хлапчыну.